Кніга адлюстроўвае цікавасць да нацыянальнай гісторыі і, адпаведна, да яе сімвалаў: народнага арнаменту і крыжа Еўфрасінні Полацкай, Бібліі Скарыны, Статута ВКЛ, слуцкага пояса, нацыянальнага герба «Пагоня» і сцяга, а таксама да многага іншага.
Свет гісторыі насычаны версіямі вучоных, часам у ім вядзецца непрымірымая палеміка. Праца над тэмай выявіла адсутнасць многіх гістарычных дакументаў або недахоп матэрыялу адносна падзей айчыннай гісторыі аж да пачатку ХІV стагоддзя, таму ў кнізе прысутнічае шмат гіпотэз і версій аўтара.
Аўтар ажыццявіў спробу рэканструкцыі нашага мінулага з дапамогай сімвалаў, колераў і вобразаў. Галоўную ўвагу скіраваў на ваенную сімволіку, малюнкі падмацаваў кароткім аповедам пра дадзеную тэму ці эпоху, называючы імёны вядомых беларусаў. Падзеі айчыннай гісторыі папулярна і маляўніча праілюстраваны самім аўтарам.
Інфармацыя пра выкарыстанне ваеннай сімволікі падаецца карэктна, са спасылкай на рацыянальныя, часам розныя пункты гледжання, без крайне радыкальных пазіцый, без замоўчвання, адсейвання гістарычнага матэрыялу, у тым ліку сімвалаў, якія яго ілюструюць.
Кніга для шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй.